Главная>Сервисы>Архив новостей
Сервисы
Архив новостей
2 августа 2021 г.Архив...
Новая кніга серыі «Жыццё знакамітых людзей Беларусі»

 

 

 

 

Максім Багдановіч. Серыя «Жыццё знакамітых людзей Беларусі» 

«Абодва паэты нападалі на беззмястоўнасць вершаў М.Багдановіча, а асабліва А.Паўловіч, які злосна выкпіваў, перафразоўваючы паасобныя звароты вершаў М.Багдановіча, каторага стала называў не па прозвішчу, а «ваш Лесавік»... Вуснамі супраціўнікаў Багдановіча гаварыла іх абражаная аўтарская амбіцыя, што ў нашай мініяцюрнай часопісі замест іх твораў займаецца месца пад вершы Багдановіча».

Праўда, нечакана гучыць урывак з успамінаў Вацлава Ластоўскага, колішняга сакратара «Нашай Нівы»? Падобных фрагментаў — сотні ў гэтай унікальнай кнізе. Жыццяпіс самага рамантычнага беларускага паэта выкананы ў жанры дакументальнай мазаікі — сотні сведчанняў, якія датычацца яго жыцця ад нараджэння да заўчаснай смерці, узятыя з сотні крыніц. Цытаты з лістоў, успамінаў, мемуараў, навуковых даследаванняў і архіўных дакументаў выбудаваны складальнікам, загадчыкам Літаратурнага музея Максіма Багдановіча Міхалам Бараноўскім так, што ствараецца яркая і максімальна праўдападобная карціна. Тым больш што сведкі, як і належыць, супярэчаць адзін аднаму, блытаюцца — і гэта вельмі цікава знаходзіць і параўноўваць.

Брат паэта неяк заявіў іх бацьку, Адаму Ягоравічу, што Максіма ніхто не разумеў, нават блізкія, і ўспаміны пра яго будуць няпэўнымі. А вось такі мазаічны падыход робіць постаць паэта аб'ёмнай. Можна рэканструяваць, як даводзілася Максіму цярпець нападкі за тое, піша на «мужыцкім дыялекце». І нават за паэтычнае майстэрства. Напрыклад, нейкі Мікалай Агурцоў (вельмі не хапае ў зборніку пераліку аўтараў цытат з біяграфічнымі звесткамі!), атрымаўшы ад Максіма ў падарунак «очень плохо изданную книжечку... стихов на белорусском языке («Вянок»)», папытаўся, чаму той, «народны паэт», напоўніў кніжачку «сонетами, рондо, триолетами и прочими чуждыми народу формами» ды яшчэ эпіграфамі на еўрапейскіх мовах. Адказ Максіма Багдановіча заслугоўвае цытавання цалкам:

«За беларускай мовай не хочуць прызнаць самастойнасці і самабытнасці. Не хочуць пагадзіцца з думкай, што на гэтай мове можна выказаць усе рухі чалавечай душы і даць любую літаратурную форму. Я сваёй кніжачкай хацеў паказаць, што ўсё гэта магчыма. А для гэтага трэба было беларускую мову паставіць побач з еўрапейскімі мовамі».

Інфармацыя падрыхтавана па матэрыялах выдавецтва  «Мастацкая літаратура».

 

Источник: Мининформ